У Пракопаўцы Гомельскага раёна стаіць закінутая школа, пабудаваная ў 1990-х гадах. А за школьным будынкам дагэтуль захаваліся падвалы старой сядзібы, якая належала мясцовым памешчыкам Лісоўскім. Калісьці ў самой сядзібе таксама размяшчалася школа. Дом знеслі больш за 20 гадоў таму з-за аварыйнага стану. Яго першапачатковы выгляд мы аднавілі ў 3D.

У сядзібе часта збіраліся дзеці памешчыка і мясцовыя сялянскія дзеці. Усе разам слухалі байкі пра незвычайныя мясцовыя здарэнні. Гэтыя гісторыі захавала ў сваіх успамінах Ірэна Лісоўская — апошняя дарэвалюцыйная ўладальніца гомельскага асабняка, у якім сёння знаходзіцца Музей гісторыі горада Гомеля.

З родам Лісоўскіх звязана імя Аляксандра-Юзафа Лісоўскага — вядомага ваеннага дзеяча Рэчы Паспалітай, авантурыста і стваральніка ўзброеных атрадаў лёгкай кавалерыі, вядомых як лісоўчыкі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ён стаў адным з прататыпаў галоўнага героя рамана Генрыка Сянкевіча «Патоп».

Мясцовыя жыхары яшчэ з савецкіх часоў перадавалі легенду, паводле якой Аляксандр-Юзаф Лісоўскі быў пахаваны менавіта ў Пракопаўцы.

Сёння ад сядзібы амаль нічога не засталося. І пра гісторыю гэтага маёнтка вы наўрад ці даведаецеся, проста наведаўшы Музей гісторыі горада Гомеля.

Матэрыалы 2 серыi

Аўтар ілюстрацый: Street Wind

Матэрыалы 2 серыi

TOP