Як гамяльчане ўцякалі ад бальшавікоў: з’явілася экранізацыя ўспамінаў Ірэны Лісоўскай
17 November 2026 / Published in Навiны

Як гамяльчане ўцякалі ад бальшавікоў: з’явілася экранізацыя ўспамінаў Ірэны Лісоўскай

Дзве часткі дакументальнага фільма аднаўляюць драматычную гісторыю ўцёкаў сям’і Лісоўскіх і іншых гамяльчан з горада зімой 1918–1919 гадоў, іх небяспечны шлях і лёс сямейных скарбаў. У асабняку Лісоўскіх сёння знаходзіцца Музей гісторыі горада. Аднак гэтай гісторыі ў музейнай экспазіцыі няма.

У аснове фільма — успаміны Ірэны Лісоўскай, апошняй дарэвалюцыйнай гаспадыні асабняка. Яна пакінула падрабязнае сведчанне пра жыццё Гомеля на зломе эпох: апошнія гадзіны перад ад’ездам з роднага дома, атмасферу страху ў горадзе, цяжкую зімовую пераправу праз Сож і небяспекі, якія чакалі ўцекачоў у дарозе. Сёння яе запісы захоўваюцца ў польскіх архівах.

Як гамяльчане ўцякалі ад бальшавікоў

У снежні 1918 года Гомель перажываў чарговую змену ўлады. Нямецкія войскі пакідалі горад, дзейнічала часовая Гомельская дырэкторыя, звязаная з Украінскай Народнай Рэспублікай, а вакол горада знаходзіліся бальшавіцкія фарміраванні. У гэтых абставінах частка гараджан вырашыла ратавацца ўцёкамі ў бок Чарнігава.

Аднак дарога аказалася цяжкім выпрабаваннем. Уцекачоў чакалі небяспечныя начлегі, узброеныя сутыкненні і трагічныя падзеі. Пазней сям’я Лісоўскіх вярнулася ў Гомель, але неўзабаве Ірэна канчаткова пакінула горад і выехала ў Брэст. Былы сямейны асабняк нацыяналізавалі, а ў яго сценах размясцілася ЧК.

Як гамяльчане ўцякалі ад бальшавікоў

Асобная частка фільма прысвечаная лёсу сямейных скарбаў Лісоўскіх. Аўтары прасочваюць гісторыю адной з галоўных рэліквій сям’і — партрэта Стэфана Баторыя, караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя літоўскага, які пасля 1920-х гадоў апынуўся ў Польшчы.

Рэжысёрка праекта — Марыя Булавінская.
Ілюстрацыі і анімацыю стварыў мастак Street Wind.
У фільме гучаць галасы актора Алега Гарбуза і акторкі Крысціны Дробыш, якая агучыла ўспаміны Ірэны Лісоўскай.
Гукарэжысёрка — Анастасія Пяцэвіч.

У наступным матэрыяле мы апублікуем пераклады ўспамінаў Ірэны Лісоўскай — яе асабістае сведчанне пра апошнія дні ў Гомелі і драматычны шлях сям’і ў выгнанне.

Гладзець:
першая частка,
другая частка

  • ГАЛОЎНАЯ
  • CHERNOBYL
  • TALES OF OLD POLESIA
  • REPRESSION
TOP
  • News
  • All History
  • Tales of Old Polesia
  • Repression
  • Chernobyl
  • The 1990s
  • Ethnography
  • About Us
English
Belarusian Russian Polish